Званы Хатыні гучаць вечным набатам болю ў сэрцы Беларусі

Сёння, у чарговую гадавіну хатынскай трагедыі, дэлегацыя сістэмы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на чале з намеснікам Міністра Іванам Прыходзькам наведала мемарыяльны комплекс “Хатынь”, каб аддаць даніну памяці мільёнам бязвінна загубленых жыццяў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Хатынь … гэтую беларускую вёску вы не знойдзеце ні на адной самай падрабязнай геаграфічнай карце нашай краіны. 81 год таму, 22 сакавіка 1943 года, фашысцкія нелюдзі знішчылі яе разам з мірнымі жыхарамі. 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, былі спалены жыўцом альбо расстраляныя. Цудам ацалелі шасцёра: адзін дарослы і пяцёра дзяцей. Яны распавялі свету пра зверствы, сведкамі якіх сталі тым страшным вясновым днём.

Мемарыяльны комплекс «Хатынь» – увасабленне 9200 вёсак і сёл нашай Радзімы, спаленых дашчэнту ў гады ваеннага ліхалецця, 628 з іх з мясцовымі жыхарамі: жанчынамі, старымі і дзецьмі. 186 населеных пунктаў, падобна Хатыні, ужо ніколі не адрадзіліся.

Трагедыя Хатыні – не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду насельніцтва Беларусі, якую праводзіла гітлераўская Германія і яе саюзнікі на працягу ўсяго перыяду акупацыі.

«…Не дай Бог нікому, хто на зямлі жыве, каб не бачылі і не чулі гора такога…» – словы Іосіфа Камінскага, адзінага дарослага, які выжыў у хатынскім агні, назаўжды аддрукаваліся ў нашай генетычнай памяці. Народ Беларусі як ніякі іншы ўсведамляе неацэннасць мірнага неба над роднай зямлёй і тую вялікую цану, якую заплаціла за гэтае пакаленне пераможцаў.