Зацверджана схема рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння да 1 студзеня 2035 г.

23 кастрычніка 2024 г. пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 787 зацверджана схема рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння да 1 студзеня 2035 г.
Схема распрацавана Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі на дзесяцігадовы перыяд з улікам міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь: Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці (Рыа-дэ-Жанейра, 1992 г.), Канвенцыі. аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне, галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных відаў птушак (Рамсар, 1971 г.), Канвенцыі па захаванні мігруючых відаў дзікіх жывёл (Бон, 1979).
У Схеме вызначаны прасторава-часавыя аспекты фарміравання эфектыўнай сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) рэспубліканскага значэння шляхам планамернага выканання мерапрыемстваў па планаванні аб’явы, пераўтварэнні, спынення функцыянавання ААПТ (запаведніка, нацыянальных паркаў, заказнікаў і помнікаў прыроды) рэспубліканскага значэння і ўстаноўлены тэрміны выканання такіх мерапрыемстваў.
На 1 студзеня 2025 г. плошча ААПТ рэспубліканскага значэння (з улікам рэалізацыі мерапрыемстваў па пераўтварэнні ААПТ, запланаваных у 2024 годзе) складзе 1458,6 тыс. га або 7,02% плошчы краіны. Больш за ўсё ААПТ рэспубліканскага значэння ў Брэсцкай (432,2 тыс. га) і Віцебскай (330,7 тыс. га) абласцях, менш за ўсё – у Магілёўскай (64,3 тыс. га), у Гомельскай і Гродзенскай плошча склала (206, 6 тыс. га) і (195,5 тыс. га) адпаведна, у г. Мінску – 0,6 тыс. га.
Плошча ААПТ рэспубліканскага значэння да 2035 года можа павялічыцца да 1544,7 тыс. га, што складзе 7,44 працэнта плошчы краіны. З улікам рэалізацыі рэгіянальных схем рацыянальнага размяшчэння ААПТ мясцовага значэння (на 2024 – 2033 гады), агульная доля плошчы ААПТ рэспубліканскага і мясцовага значэння павялічыцца з 9,1% (на 01.01.2024) да 9,6% (на 01.01.2035) ад тэрыторыі краіны.
На працягу 10 гадоў схемай прапануецца аб’явіць заказнікамі рэспубліканскага значэння 9 тэрыторый, якія ўжо маюць статус заказнікаў мясцовага значэння, пераўтварыць два нацыянальныя паркі, 31 заказнік і 284 помнікі прыроды рэспубліканскага значэння.