Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў вялікую нараду аб стане і задачах развіцця прамысловай галіны.
Агульная колькасць удзельнікаў мерапрыемства наблізілася да трох соцень чалавек. У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, члены Урада, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі прамысловых арганізацый, банкаў, навуковых цэнтраў, кіраўнікі адміністрацый свабодных эканамічных зон.
Гэта нарада ў графіцы Кіраўніка дзяржавы была чаканай і рыхтавалася даўно. Аляксандр Лукашэнка даручаў дадаткова пашырыць і ўзмацніць фармат мерапрыемства – так, каб як па складу ўзнікаючых пытанняў, так і па прадстаўленасці ўдзельнікаў размова аб развіцці адной з важнейшых галін краіны была фундаментальнай.
«Як мы і дамаўляліся на заводзе «БЕЛДЖЫ», давайце правядзём нашу працоўную нараду. Абмяркуем перспектывы развіцця, а таксама пытанні якасці выпускаемай прадукцыі. За гэты няпросты час зроблены пэўныя крокі. На некаторыя ключавыя пазіцыі прыйшлі ўжо новыя людзі, прыняты шэраг рашэнняў. Цяпер трэба абмеркаваць, як будзем рухацца далей. І на ўзроўні стратэгіі, і на ўзроўні тактыкі», – сказаў Прэзідэнт у пачатку нарады.
Гаворачы аб імпартазамяшчэнні, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі могуць ствараць канкурэнтаздольную тэхніку з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў і камплектуючых. «Тут і даказваць нічога не трэба. Мы можам», – канстатаваў беларускі лідэр. Аднак, паводле яго слоў, па шэрагу напрамкаў абнаўленне прадукцыі і вытворчасцей ідзе вельмі марудна.
«Кожная крытычная пазіцыя паказвае нашыя слабыя месцы. Менавіта па іх канкурэнты потым б’юць санкцыямі, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – Неабходна прыняць меры па забеспячэнні максімальнай тэхналагічнай незалежнасці і стварэнню ўмоў для ўстойлівай работы эканомікі, якая не залежыць ні ад якіх санкцый. І гэта стратэгічная задача для нашага прамысловага комплексу».
Прэзідэнт дапусціў наяўнасць так званай адвёрткавай зборкі, але толькі ў пачатку новай вытворчасці. «Трэба выбудаваць надзейную абарону ад любых вонкавых фактараў – яшчэ адна задача для ўсіх. Вось чаму так жыццёва важнае імпартазамяшчэнне, якім трэба займацца пастаянна», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Гэтая задача, паводле яго слоў, – прыярытэт прыярытэтаў. І хаця пра гэта шмат гаворыцца, але варта прызнаць, што разварот прамысловасці ў гэтым напрамку адбываецца вельмі марудна. Доля імпартнага складальніка ў беларускай прадукцыі па-ранейшаму высокая.
«Для інвестараў мы ставім умовы па дасягненні пэўнага ўзроўню лакалізацыі. Яны іх прымаюць і выконваюць. А па нашых традыцыйных вытворчасцях доля імпартнага складальніка ў сыравіне і матэрыялах застаецца на высокім узроўні, паказчыкі з году ў год практычна не зніжаюцца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запатрабаваў па ўсіх напрамках распрацаваць стратэгіі па павышэнню ўзроўню лакалізацыі: “Давядзіце да кожнага напружаныя заданні і забяспечце іх рэалізацыю”.
Больш падрабязную інфармацыю аб мерапрыемстве можна знайсці на сайце Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.