Сёння Міністр Сяргей Масляк падрабязна абмеркаваў з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Аляксандрам Рагожнікам бягучае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Томскай вобласці Расійскай Федэрацыі, а таксама пытанні рэалізацыі нацыянальнай унутранай і знешняй палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. .
Кіраўнік Мінпрыроды з’яўляецца замацаванай службовай асобай за двума расійскімі рэгіёнамі – Томскай вобласцю і Рэспублікай Алтай.
Кіраўнік прыродаахоўнага ведамства паведаміў беларускаму Паслу аб правядзенні ў г. Томску 29 жніўня бягучага года пятага пасяджэння Рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Томскай вобласці. Мерапрыемства пройдзе пад старшынствам Міністра Сяргея Масляка і Губернатара Томскай вобласці Уладзіміра Мазура пры шырокім удзеле прадстаўнікоў расійскага і беларускага бізнесу.
Міністр і Пасол абмеркавалі механізмы паглыблення ўзроўню міждзяржаўнага ўзаемадзеяння па ўсіх пытаннях, якія маюць узаемную цікавасць, а таксама павелічэння экспартных паставак беларускай прадукцыі ў расійскі рэгіён.
У ходзе сустрэчы кіраўнік прыродаахоўнага ведамства таксама праінфармаваў пасла аб рабоце Мінпрыроды на пляцоўках Саюзнай дзяржавы і ЕаЭс па прыродаахоўнай тэматыцы, у тым ліку аб праводзімай рабоце па забеспячэнні захаванасці трансгранічнага аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА “Белавежская пушча”.
На заканчэнне перагавораў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства і кіраўнік Пасольства Беларусі ў Расіі вырашылі прадоўжыць кантакты на ўсіх узроўнях для паспяховага выканання дасягнутых дамоўленасцей.