У канцы года ў Беларусі запусцяць інтэрактыўную карту мінеральна-сыравіннай базы

Каб мець аператыўную, даступную і актуальную інфармацыю аб стане мінеральна-сыравіннай базы, у краіне па даручэнні Савета Міністраў і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачата распрацоўка інтэрактыўнай карты. Цяпер сістэма праходзіць тэставую эксплуатацыю і да канца года будзе запушчана ў адкрытым доступе. Больш падрабязна пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы расказала Марына Васілюк, дырэктар рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Беларускі дзяржаўны геалагічны цэнтр”.
“Сістэма дасць магчымасць праводзіць выбарку па розных крытэрыях тых ці іншых участкаў нетраў, адлюстроўваць іх на картаграфічнай аснове і аўтаматычна фарміраваць аналітычныя даведкі аб стане выбраных аб’ектаў або аб стане мінеральна-сыравіннай базы выбранага рэгіёну”, – адзначыла кіраўнік Белдзяржгеацэнтра.
Паводле яе слоў, гэта будзе яшчэ адзін інструмент хуткага атрымання геалагічнай інфармацыі, неабходны для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў у сферы геалагічнага вывучэння нетраў і нетракарыстання, развіцця мінеральна-сыравіннай базы. Сістэма будзе карысная для нетракарыстальнікаў, якія зацікаўлены ў распрацоўцы радовішчаў.
«Не перабольшу, калі скажу, што прафесійны збор, захоўванне, аналіз і прадастаўленне інфармацыі аб гэтым багацці ў нетрах шмат у чым вызначае паспяховае развіццё эканомікі краіны, – расказала Марына Васілюк. – Менавіта рашэннем гэтых задач вось ужо 15 гадоў і займаецца Белдзяржгеацэнтр. У цэлым дзяржаўная сістэма збору, захоўвання і прадастаўлення геалагічнай інфармацыі стваралася ў краіне на працягу больш за 85 гадоў, пачатак пакладзены ў 1936 годзе. Але складзеная за доўгія гады сістэма перастала задавальняць запатрабаванням грамадства і дзяржавы ў аператыўнасці, стала саступаць сучасным тэндэнцыям тэхнічнага развіцця. Таму цыфравізацыя тычыцца і геалагічнай галіны».
Так, прадпрыемствам распрацавана і сёння паспяхова функцыянуе аўтаматызаваная “Адзіная інфармацыйная сістэма геалагічнай інфармацыі”, якая дазваляе весці ўлік усіх выяўленых аб’ектаў у нетрах, іх тэхнічных і якасных характарыстык, а таксама змяшчае рэестр усёй геалагічнай інфармацыі, якая ёсць у дзяржаўным геалагічным фондзе, абслугоўваннем якога займаецца Белдзяржгеацэнтр.
Сёння ў Дзяржаўным геалагічным фондзе захоўваецца каля 20 тысяч справаздач, складзеных па выніках работ, праведзеных у нетрах. Электронны архіў уключае ў сябе крыху больш за 5 тысяч справаздач, самы стары датаваны 1881 годам. Ідзе вялікая работа па забеспячэнні доўгачасовага захоўвання інфармацыі Дзяржгеалфонду. Матэрыялы, наяўныя толькі на папяровых носьбітах, пераводзяцца шляхам сканіравання ў электронны выгляд.
Варта адзначыць, што аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы ёсць у адкрытым доступе – і кадастр нетраў, і сістэма ўліку свідравін на ваду, і банк дадзеных Дзяржгеалфонду. Удасканальваючы працэс цыфравізацыі геалагічнай галіны, створаны модуль «Асабісты кабінет недропользователя» – ён дазваляе падаваць і запытваць геалагічную інфармацыю ў электронным выглядзе.
Матэрыялы сайта sb.by