У Беларусі стартавала акцыя па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні

Усім вядома, што адным з найважнейшых фактараў, якія ўплываюць на якасць нашага жыцця, а адпаведна і здароўе, з’яўляецца якасць навакольнага асяроддзя. У мэтах падтрымання гэтага параметра на належным узроўні Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на пастаяннай аснове праводзіцца комплекс разнапланавых мерапрыемстваў.
Так, адной з добрых традыцый стала штогадовая аб’ява прыродаахоўным ведамствам вясенняй акцыі па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў. Тэрміны акцыі сёлета – з 1 сакавіка па 8 мая.
На сённяшні дзень ва ўсіх рэгіёнах краіны стартавалі мерапрыемствы па ўборцы і добраўпарадкаванні тэрыторый, а ў красавіку, калі прагрэецца зямля, у населеных пунктах Беларусі пачнуцца пасадкі маладых дрэў і кустоў, будуць закладзены новыя алеі і паркавыя зоны.
Цяпер у мэтах актывізацыі работ па навядзенні парадку на зямлі сістэмай Мінпрыроды масава праводзяцца кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы. Удзяляецца асаблівая ўвага стану тэрыторый уздоўж чыгунак, палос адводу, прыдарожных палос, прыпыначных пунктаў уздоўж рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог, агульнадаступных тэрыторый населеных пунктаў, садовых таварыстваў, гаражных кааператываў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый, тэрыторый дзяржаўнага ляснога фонду. Ажыццяўляецца праверка захавання схем абыходжання з камунальнымі адходамі, стану кантэйнерных пляцовак, наяўнасці кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў.