Сяргей Масляк прызначаны міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Сяргей Масляк назначаны Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адпаведнае кадравае рашэнне сёння прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пры назначэнні Сяргея Масляка на пасаду акрэсліў кола задач, якія стаяць перад новым кіраўніком ведамства.

«Што да Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, мы нядаўна правялі сур’ёзную нараду ў гэтым плане. Скажу проста: трэба капаць і шукаць. Акрамя гэтага, трэба, каб ты прымусіў усіх у гэтым напрамку працаваць. Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам патрэбна. Вось калі хоць у нейкай ступені вырашыш гэту задачу – гэта помнік можна ставіць у любым месцы”, – сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі больш-менш разведалі радовішчы мінеральных угнаенняў. “Але я не веру, што ў нас няма вялікіх аб’ёмаў нафты”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ў сферы разведкі і здабычы нафты ў Беларусі цяпер працуе толькі адна кампанія. Прычым, як адзначыў прэзідэнт, працуе нядрэнна, і кіруе ёй добры спецыяліст. Тым не менш, у гэтай сферы няма канкурэнцыі.

«Не мы прыдумалі – канкурэнцыя павінна быць. Трэба больш меркаванняў, больш уражанняў і іншае», – арыентаваў новага Міністра Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца задач у сферы прыродаахоўнай дзейнасці, Прэзідэнт сказаў: “Няма такога месца (больш у свеце. – Заўвага.) для жыцця людзей, якое падарыла нам, беларусам, прырода. І нам трэба гэта зберагчы. Я чалавек вельмі патрабавальны, які вырас у вёсцы. Можна сказаць, амаль у лесе. І я абвык беражліва ставіцца не толькі да жывёл, але і да раслін. Іх павінна быць больш, шмат павінна быць. Вазьмі пад свой кантроль высаджванне дрэў. Як я кажу, на адхон дарог, на няўдобіцах і гэтак далей. Усюды можа вырасці дрэва. А праз 80 гадоў гэта будзе добры лесаматэрыял, які змогуць выкарыстоўваць ужо нашыя дзеці».

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць лесанасаджэнняў для экалогіі. «Дрэва – гэта добрае паветра для дыхання людзей. Для нас гэта важна. Пасля балот лес з’яўляецца галоўным генератарам кіслароду на нашай планеце. Таму ўсюды павінны быць высаджаны дрэвы, дзе толькі могуць расці, – даручыў Прэзідэнт. – Вельмі шмат працы ў гэтым плане, і яна ў нейкай ступені запушчана».

Як расказаў Сяргей Масляк у гутарцы з журналістамі, Кіраўнік дзяржавы, прымаючы рашэнне аб назначэнні, акцэнтаваў увагу новага Міністра на пытаннях навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў.«У гэтым кірунку роля Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя каардынуючая. Менавіта нашае ведамства адказвае за гэтую працу», – сказаў кіраўнік Мінпрыроды. Акрамя таго, Прэзідэнт чарговы раз нагадаў аб неабходнасці азелянення адхонаў уздоўж асноўных аўтамабільных магістраляў, у прыватнасці ўздоўж МКАД.

Да назначэння на пасаду Міністра Сяргей Масляк працаваў кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.У сувязі з гэтым журналісты пацікавіліся, ці няма ў яго хвалявання, асцярог наконт новага статусу і неабходнасці выконваць шэраг адказных задач. “Завадчан наогул складана спалохаць”, – з доляй гумару адказаў Міністр, чыё жыццё і значны перыяд працоўнай дзейнасці былі звязаны з Завадскім раёнам Мінска. З асаблівым гонарам ён падкрэсліў, што ў Беларусі магчымыя такія гісторыі кар’ернага росту, калі спецыяліста ацэньваюць па яго прафесійных якасцях: «Звычайны хлопец, які вырас у звычайным раёне, у маім выпадку – Завадскім, прайшоўшы пэўны этап у сваім жыцці, можа дабіцца вынікаў, дзякуючы сваёй працы. А ўжо ацэнка маёй працы – справа вышэйстаячага кіраўніцтва”.

Сяргей Масляк нарадзіўся 8 верасня 1980 года ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Інстытут турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнта Беларусі.

У 2002 – 2003 гадах працаваў памочнікам ляснічага Валмянскага лясніцтва пры Мінскім лясгасе.

2003 – 2005 – інжынер першай катэгорыі аддзела пошукаў і праектавання лесагаспадарчых аб’ектаў праектна-пошукавага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Белгіпралес”.

2005 – 2006 – вядучы спецыяліст аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.

2006 – 2012 – намеснік дырэктара камунальнага унітарнага прадпрыемства «Зеленбуд Заводскага раёна Мінска».

Красавік 2012 – верасень 2012 – намеснік дырэктара ТАА «Александрынарэмбуд».

2012 – 2013 – дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Зеленбуд Першамайскага раёна Мінска”.

2013 – 2015 – намеснік кіраўніка Заводскага раёна Мінска.

2015 – 2019 – старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

2019 – 2024 – кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.