Пакет прагнозных дакументаў на 2025 год сёння разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Сярод удзельнікаў пасяджэння – кіраўнік прыродаахоўнага ведамства Сяргей Масляк.
«На разгляд выносіцца пакет прагнозных дакументаў на 2025 год – праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама рэспубліканскага бюджэту і змяненняў у Падатковы кодэкс. 2025 год – завяршальны год пяцігодкі. Адпаведна, прагноз сацэканамразвіцця павінен улічваць задачы пяцігадовай праграмы, адпавядаць патрабаванням эканамічнай бяспекі і ўстойлівасці дзяржавы і фарміраваць умовы для далейшага росту дабрабыту насельніцтва і развіцця эканомікі краіны. У прагнозных дакументах прапанаваны важнейшыя мэтавыя параметры развіцця. Паказчыкі традыцыйна напружаныя, што з’яўляецца апраўданым ва ўмовах мабілізацыі эканомікі. Для ўрада і Нацыянальнага банка ў якасці задач будуць вызначаны рост валавога ўнутранага прадукту, павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва, інвестыцый у асноўны капітал, экспарту тавараў і паслуг, абмежаванне ўзроўню інфляцыі», – сказаў Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, з падрыхтаваных матэрыялаў вынікае, што рэалізацыя мэтавага сцэнарыя дасць магчымасць забяспечыць рост рэальных даходаў насельніцтва на 4 працэнты, рэальнай зарплаты – на 4,7 працэнта. «Тэмп росту эканомікі ў наступным годзе плануецца на ўзроўні 104, 1%. Для дасягнення гэтай мэты ў праекце закладзены актыўнае інвестыцыйнае развіццё (107,8 працэнта), нарошчванне аб’ёмаў экспарту тавараў і паслуг (105,4 працэнта) і кантроль над інфляцыяй (не больш як 5 працэнтаў)», – адзначыў кіраўнік Урада.
Ён таксама падкрэсліў, што у краіне выбудавана дакладная і празрыстая структура кіравання і кантролю за дасягненнем запланаваных параметраў праз давядзенне мэтавых задач па ўсёй вертыкалі ўлады.
“Бюджэт сфарміраваны на аснове абазначаных прагнозных параметраў. Даходная частка бюджэту запланавана з невялікім прыростам у 7,8 працэнта і чаканымі паступленнямі ў аб’ёме Br45,5 млрд”, – акцэнтаваў увагу Прэм’ер-міністр.
Што да Падатковага кодэкса, як адзначыў Раман Галоўчанка, трэба захаваць умовы для эканамічнага росту, выключыўшы пры гэтым залішнюю нагрузку на рэальны сектар эканомікі.
Інфармацыя БЕЛТА