Муралы на прыродаахоўную тэматыку ўпрыгожаць вуліцы Слуцка

У Слуцку сёлета з’явяцца 6 муралаў на прыродаахоўную тэматыку. Два з іх ужо створаны – з чырвонакніжнымі малым арлём і жураўлямі над Слутчынай – урачыстае адкрыццё апошняга было прымеркавана да Дня аховы навакольнага асяроддзя. На чарзе яшчэ чатыры муралы – з салаўём (афіцыйным прыродным сімвалам Слуцкага краю), барсуком, зонай адпачынку на беразе вадаёма і касманаўтам на фоне нашай планеты з надпісам «Зямля-наш агульны дом, Беражы чысціню ў ім».

Усе муралы малююцца па эскізах, якія ўдзельнічалі ў раённым конкурсе эскізаў «Слутчына: погляд скрозь стагоддзі». Грашовыя сродкі на іх стварэнне выдзелены Мінскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў рамках мерапрыемстваў па інфармацыйным забеспячэнні, выхаванні, навучанні і асвеце ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Дзяржаўнай праграмы «ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021 – 2025 гады.

Створаныя муралы будуць спрыяць павышэнню дасведчанасці грамадзян аб разнастайнасці флоры і фаўны Міншчыны, у тым ліку аб рэдкіх відах жывёл і раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.