Абмеркаванне негатыўных наступстваў узвядзення на тэрыторыі трансгранічнага аб’екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА “Белавежская пушча” польскага загараджальнага збудавання сёння прадоўжылася ў рамках другога круглага стала.
З міжнароднымі экспертамі ЮНЕСКА/МСАП сустрэліся прадстаўнікі Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю, сістэмы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Брэсцкага і Гродзенскага абласных выканаўчых камітэтаў, ДПУ “Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў, першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут падкрэсліў, што для беларусаў Белавежская пушча мае каласальнае значэнне не толькі як унікальны прыродны комплекс з рэліктавымі лясамі, шырокай разнастайнасцю флоры і фауны, але і як гістарычную спадчыну, якую неабходна захаваць і перадаць будучым пакаленням.”У сувязі з гэтым уяўляецца вельмі важным не дапусціць ніякага ўмяшання ў тыя працэсы, якія адбываліся на тэрыторыі пушчы на працягу стагоддзяў”, – дадаў ён.
Як толькі з’явіліся першыя звесткі адносна намеру польскага боку ўзвесці загараджальнае збудаванне ўздоўж беларуска-польскай дзяржаўнай мяжы і тым самым «разрэзаць» на часткі адзіны комплекс Белавежскай пушчы, беларускі бок неадкладна прыступіў да дзеянняў для таго, каб не дапусціць нанясення шкоды экасістэмам аб’екта.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі звярталася з просьбай аб садзейнічанні ў вырашэнні гэтага важнага пытання ў многія кампетэнтныя міжнародныя арганізацыі і органы шматбаковых прыродаахоўных пагадненняў. На жаль, толькі ЮНЕСКА як арганізацыя, якая сапраўды добрасумленна і абсалютна непрадузята выконвае свае функцыі, усвядоміла маштаб трагедыі, якая разыгрываецца, і прыняла рашэнне аб накіраванні рэактыўнай маніторынгавай місіі.
У ходзе круглага стала ўдзельнікі абмяняліся думкамі адносна сітуацыі, якая склалася, дэталёва з навуковага пункту гледжання абмеркавалі пытанне негатыўнага ўздзеяння польскага загараджальнага збудавання на экасістэмы і прыродныя комплексы Белавежскай пушчы.
Міжнародныя эксперты пасля падрыхтоўкі справаздачы аб правядзенні рэактыўнай маніторынгавай місіі дадуць яе на азнаямленне беларускаму боку. Вынікі місіі будуць разгледжаны ў ходзе 46-й сесіі Камітэта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якая адбудзецца з 21 па 31 ліпеня бягучага года ў Дэлі, Рэспубліка Індыя.