Аб першых выніках кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў у рамках вясенняй акцыі па навядзенні парадку на зямлі

Мы не памылімся, калі скажам, што галоўнае – гэта парадак на сваёй зямлі, а вясна – самы час для штогадовай уборкі пасля зімовага сезону. Менавіта ў гэты перыяд Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя традыцыйна аб’яўляе экалагічныя акцыі і кампаніі па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні. Тэрміны акцыі сёлета – з 1 сакавіка па 8 мая.
Хтосьці з першых дзён сакавіка прыступіў да генеральнай уборкі даручаных яму тэрыторый, а камусьці патрабуецца дадатковы “напамін”. У мэтах актывізацыі работ па навядзенні парадку на зямлі сістэмай Мінпрыроды масава праводзяцца кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы.
Удзяляецца асаблівая ўвага стану тэрыторый уздоўж чыгунак, палос адводу, прыдарожных палос, прыпыначных пунктаў уздоўж рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог, агульнадаступных тэрыторый населеных пунктаў, садовых таварыстваў, гаражных кааператываў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый, тэрыторый дзяржаўнага ляснога фонду. Ажыццяўляецца праверка захавання схем абыходжання з камунальнымі адходамі, стану кантэйнерных пляцовак, наяўнасці кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў.
Так з 1 па 31 сакавіка бягучага года тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды праведзена больш за 1700 кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў, па выніках якіх выяўлена каля 10 тысяч парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства.
У мэтах устаранення выяўленых парушэнняў вінаватым асобам выдадзена больш за 1 тысячу прадпісанняў і рэкамендацый, а таксама накіравана каля 1200 інфармацыйных лістоў. У дачыненні вінаватых асобаў прыменена больш за 150 штрафных санкцый на агульную суму каля 240 тысяч рублёў, 391 вінаватая асоба вызвалена ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання.
Акрамя таго, у мэтах кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, прад’яўлена каля 80 прэтэнзій на агульную суму звыш 145 тысяч рублёў.
Па стане на 31 сакавіка ліквідавана больш за 4,5 тысячы выяўленых парушэнняў. Праца сістэмы Мінпрыроды па навядзенні парадку на зямлі будзе працягнута.