Злучаючы ніткай сэрца
На выставе прадстаўлена мноства выдатных работ майстрыхі рукадзелля – Яніны Петуховай – чалавека з вялікім сэрцам і адкрытай душой. Менавіта таму, уся яе творчасць прасякнута глыбокімі і сапраўднымі пачуццямі: каханнем, пяшчотай, шчырасцю і цеплынёй.
Тэматыка работ вельмі разнастайная: пейзажы, партрэты, нацюрморты, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно – яны выкананы добрым і светлым чалавекам. Кожная карціна знойдзе жывы водгук у сэрцах наведвальнікаў выставы, падарыўшы станоўчыя эмоцыі.
Петухова Яніна Сяргееўна - «Дзяўчына з разыначкай»
Нарадзілася ў в. Гуркі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. У 2012 годзе скончыла сярэднюю школу. У апошнія гады навучалася дома з-за захворвання.
Цікавасць да вышыўкі з’явілася ў кастрычніку 2010 года, актыўна стала вышываць з 2012 года – калі перастала хадзіць. Вышывае практычна кожны дзень на працягу 11 гадоў. Актыўна ўдзельнічае ў сацсетках у розных гульнях, марафонах, конкурсах, звязаных з вышываннем. Навучылася вязаць кручком і спіцамі па відэа-уроках. Вяжа адзенне для неданошаных дзяцей у Віцебску, Мінску і Брэсце.
Любіць чытаць фэнтэзі, дэтэктывы, сучасныя раманы. Займаецца посткросінгам. Пра сваё хобі і жыццё расказвае ў Інстаграм, Тэлеграм, ютуб-канале. Дзякуючы такому занятку знайшла шмат блізкіх па духу людзей з розных куткоў зямнога шара.
Яніна лічыць, што сучасны гафт – даступнае моднае хобі, у якім кожны можа знайсці нешта сваё. Асабіста для яе вышыўка стала апорай у цяжкі час, сродкам самавыяўлення і адчыненымі дзвярыма ў іншы свет – свет Стварання!
Запрашаем усіх жадаючых на адкрыццё экспазіцыі “Злучаючы ніткай сэрца”, якое адбудзецца 4 верасня ў 13.30.